Горад дружалюбны дзецям
Што такое горад, дружалюбны дзецям і падлеткам?
Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам, - гэта сучасны горад, у якім створана прававая, сацыяльная і адукацыйная прастора, якая забяспечвае камфортнае пражыванне і ўсебаковае развіццё юных грамадзян, дзе дзеці і моладзь самі ўдзельнічаюць у распрацоўцы праграм і прыняцці рашэнняў, якія закранаюць іх інтарэсы.
Гэта горад, у якім улічваюцца патрэбы і прыярытэты ўсіх дзяцей, незалежна ад іх узросту, нацыянальнасці, стану здароўя і іншых асаблівасцяў, і створаны ўмовы для іх паўнавартаснага шчаслівага жыцця.
Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам, - гэта такая канцэпцыя мясцовага дзяржаўнага кіравання, у якой гарадскія ўлады, установы, грамадскія арганізацыі рэалізуюць асноўныя палажэнні Канвенцыі аб правах дзіцяці на ўзроўні горада і яго раёнаў, прыцягваюць увагу грамадскасці да пытанняў дзяцінства, слухаюць і чуюць тое, што гавораць дзеці, і гарантуюць правы маладых грамадзян:
- аказваць уплыў на прыняцце рашэнняў, якія датычацца жыцця дзяцей у горадзе;
- выказваць сваё меркаванне адносна таго, якім бы яны хацелі бачыць свой горад;
- удзельнічаць у сямейным, грамадскім, культурным жыцці горада;
- мець доступ да медыцынскага абслугоўвання, адукацыі і жылля;
- быць абароненым ад гвалту і жорсткага абыходжання;
- перамяшчацца па вуліцах горада самастойна і без рызыкі для жыцця;
- сустракацца і гуляць са сваімі сябрамі і мець прастору для гульняў;
- жыць у горадзе з незабруджаным навакольным асяроддзем;
- карыстацца ўсімі паслугамі ў сваім горадзе як раўнапраўным грамадзянам.


