Рус
Бел
Меню раздзела "Аб цэнтры"

Метадыст года-2024

Метадыст ЦТДіМ «Ювента» Кацярына Грыгор'ева стала пераможцам абласнога конкурсу прафмайстэрства

Нагадаем, абласны конкурс «Метадыст года» праходзіць адзін раз на тры гады. На працягу амаль паўгода прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі з усёй Гомельшчыны прадстаўлялі свой досвед працы ў трох турах і пяці конкурсных іспытах – гэта конкурсы відэавізітак, метадычных распрацовак навучальных мерапрыемстваў для педагогаў і аўтарскіх лічбавых метадычных рэсурсаў, камп'ютарнае тэсціраванне, метадычнае мерапрыемства і яго аналіз. Права прайсці ў наступны этап конкурсу давалася толькі лепшым. У фінал прайшлі 5 удзельнікаў, у ліку якіх і метадыст ЦТДіМ "Ювента" Кацярына Грыгор'ева.
Тут ужо фіналістам трэба было прадэманстраваць уменні і веды, падключыць увесь вопыт і прафесіяналізм. Творчая самапрэзентацыя, публічнае выступленне па абароне лічбавага метадычнага рэсурсу і ўпершыню ў гісторыі конкурсу - майстар-клас на сцэне з метадыстамі вобласці - выпрабаванне не з лёгкіх. І з ім пад сілу справіцца толькі сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, што і даказала Кацярына Грыгор'ева, атрымаўшы вышэйшую адзнаку ад журы і галоўную ўзнагароду - званне "Метадыст года - 2024".

На працягу ўсіх этапаў конкурснага іспыту яна паказала сябе добрым арганізатарам і аналітыкам-даследчыкам, педагогам і экспертам. І гэта не выпадкова, бо за яе далікатнымі плячыма – вялікі вопыт у арганізацыі і каардынацыі работы педагагічных кадраў: больш за 13 гадоў Кацярына Грыгор'ева працавала метадыстам у раённым вучэбна-метадычным кабінеце аддзела адукацыі райвыканкама, зараз працягвае ўдасканальвацца ў выбранай прафесіі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Прымаючы віншаванні з перамогай, Кацярына Пятроўна адзначыла:

- Поспех метадыста - гэта поспех працы ў камандзе. З гонарам магу сказаць, што я ў камандзе "Ювенты"! Вельмі цяжка перадаць увесь спектр эмоцый, якія зведваю, бо дадзены конкурс - гэта не толькі пра ўдзел, перамогі і паразы. У першую чаргу, гэта пра ўменне пераадольваць любыя перашкоды, і галоўнае - магчымасць расці як асобасна, так і прафесійна.

- Перамога ў конкурсе для мяне - прызнанне таго, што ўсё раблю правільна. Дзякую тым людзям, якія паверылі ў мяне, без якіх гэты шлях быў бы вельмі складаным, а перамога, хутчэй за ўсё, немагчымай. Шмат чаму навучылася ў дырэктара ЦТДіМ «Ювента» Таццяны Шамелавай, а дзякуючы загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміле Рагаўцовай адбылося маё станаўленне ў прафесіі метадыста. Перапаўняюць пачуцці ўдзячнасці ў адрас творчых і ініцыятыўных педагогаў Цэнтра, - дзякуе ўсім, хто верыў у поспех, заўсёды быў побач, падтрымліваў у цяжкія хвіліны і даваў каштоўныя парады, калі яны так былі неабходныя, «Метадыст года - 2024» Кацярына Грыгор'ева.